2022 Пабудаваны ў стылі эклектыкі, як жылы, даходны дом на вул. В.Садовая. Належаў Сары Зальмаўне Зільберман (меў 74 пакоі). Да 1917 г. на першым паверсе размяшчалася Лясное межавае бюро А.І. Залманава, аддзяленне Азова-Данскога банка, «Мінскі камерцыйны банк» (філіял вядомы ў Магілёве з 1896 г.). 6 крам, у тым ліку пісчапапяровы С.П. Левіна, Меерзона. У 1909 г. будынак часткова займала таварыства ўзаемнага крэдыта. У двары дома размяшчаліся 2 флігеля (46 пакояў), якія таксама пасля 1917 г. былі рэквізіраваны пад савецкія ўстановы. У двары побач з флігелямі стаяў яшчэ адзін драўляны дом на мураваным падмурку (не захаваўся), дзе размяшчалася сінагога Зільберман. Пасля рэвалюцыі тут размясціліся савецкія ўстановы: 1-шы паверсе размясціліся склады губсаўнархоза, аддзел апрацоўкі металаў, 2-гі паверх займалі аддзел губсаўнархоза і жылыя кватэры; 3-ці паверх – канцылярыя будаўнічага аддзела губсаўнархоза. У 1918 г. падчас нямецкай акупацыі ў будынку была рэдакцыя газеты “Рэха”, з лістапада, пасля вызвалення, -- рэдакцыя “Известий» Магілёўскага губрэўкома, затым Упраўленне савецкімі друкарнямі. Цяпер жылы дом з кніжнай крамай “Асвета” на 1-м паверсе. Тут знаходзіцца УПП юрыдычная фірма “Юрсэрвіс” і ТАА “Джулай”. Трохпавярховы будынак з’яуляецца часткай адзінага комплекса забудовы вул.Ленінскай. Першапачаткова меў прыгожы дэкор, які быў знішчаны ў пасляваенныя гады. Аконныя праёмы прамавугольныя, цэнтральная частка фасада на 3 восі вызначаецца рызалітам і праязной аркай з цыліндрычнымі скляпеннямі на першым паверсе. Вуглы дома апрацаваны гладкімі лапаткамі, простым гзымсам і міжпавярховым поясам. Першы паверх руставаны. / kropki.by